Герб УА МДПУ імя І.П. Шамякіна

gerb

Зацверджаны Саветам УА МДПУ імя І.П. Шамякіна 26 чэрвеня 2012 года

Геральдычнае апісанне герба. Сімволіка герба

Герб Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ўяўляе сабой чатырохкутны, з закругленымі ніжнімі вугламі, завостраны на ўскрайку блакітны геральдычны шчыт з белым контурам па краі, з выявай белага колеру ў выглядзе франтальна разгорнутай кнігі. У развароце кнігі па цэнтры знаходзіцца выява бусла светла-блакітнага колеру. Вакол кнігі – эліпс з растуленым контурам блакітнага колеру, размешчаным на гарызантальнай восі па розныя бакі дзвюма зоркамі. Над эліпсам гарызантальна размешчана залатая (жоўта-аліўкавая) лаўровая галінка. Пад эліпсам размешчаны літары “МДПУ”, якія абазначаюць скарочаную назву ВНУ і словы “імя І.П. Шамякіна”.

Кампазіцыя ўключае выкарыстаны раней знакавы сімвал – “Бусел”, дзеля забеспячэння пераемнасці візуальнага ўспрыняцця сімвала ўніверсітэта.

Значэнне сімвалаў герба

                Элементы кампазіцыі

Кніга – традыцыйна з’яўляецца сімвалам вышэйшай адукацыі і выкарыстоўваецца ў Еўрапейскай і Паўночна-Амерыканскай геральдыцы; сімвалізуе асвету, навуку, адукацыю, веды.

Белы (светла-блакітны) бусел – сімвалізуе пільнасць, даўгавечнасць, мудрасць, адданасць, гонар. Выява птушкі з напаўраскрытымі крыламі, якая імкнецца ў вышыню, – сімвал грамадскіх памкненняў. У паўночных краінах яго рэгулярнае вяртанне ўвесну дазваляе разглядваць бусла як увасабленне свята адраджэння. Адлюстраванне бусла звязана таксама і з іншымі сімвалічнымі сэнсамі, напрыклад, з уяўленнямі пра “птушку душы”; кантакт з “водамі тварэння”, адкуль бярэ пачатак усё жывое. Бусел з’яўляецца сімвалам Палесся і, бясспрэчна, адлюстроўвае рэгіянальнае знаходжанне ВНУ.

Эліпс (яйка) – сімвал пачатку ўсяго жывога, надзеі і новага жыцця. У блакітным колеры – форма Зямлі і атмасферы вакол, сімвал інфармацыйных плыняў, якія змяняюць адна адну, развіцця знешніх і ўнутраных сувязей.

Залатая васьміканцовая зорка  – Ружа Вятроў – сімвалізуе аператыўнасць, хуткасць рашэння пастаўленых задач, мэтанакіраванасць; сімвал высокіх памкненняў і ідэалаў.

Лаўровая галінка – непарушнасць, традыцыі, моцная слава, веліч і перамога.

                Сімволіка колеру

Блакітны колер – сімвалізуе прыгажосць, веліч, духоўнасць, а таксама развіццё, рух наперад, мару, узвышаныя памкненні.

Золата – сімвалізуе справядлівасць, міласэрнасць і пакору, а таксама багацце, шляхетнасць, самастойнасць.

Срэбра (белы) – геральдычны метал, які выяўляецца белым колерам. Сімвал веры, чысціні, шчырасці, высакароднасці, узаемаразумення.

Чорны колер – сімвал адукаванасці, развагі, сціпласці, сталасці ў выпрабаваннях.

Аўтар герба – ст. выкладчык кафедры выяўленчага мастацтва і графікі Вольга Сяргееўна Дарафеева

Герб быў створаны для афіцыйнай рэгістрацыі дзяржаўнай ВНУ Беларусі

Дадатковая інфармацыя